ПАДУА́НСКАЯ ШКО́ЛА,
філас. кірунак 14—16 ст., які развіваў ва ун-тах Паўн. Італіі (Падуі, Мантуі, Ферары, Балонні) традыцыі арыстоцелізму ў авераісцкай інтэрпрэтацыі (гл. Авераізм) або ў тлумачэнні Аляксандра Афрадыйскага (грэч. каментатар Арыстоцеля). Звязана з дзейнасцю праф. Падуанскага ун-та П’етра д’Абана, які замацаваў у італьян. ун-тах прыродазнаўчую праблематыку і арыстоцелізм у трактоўцы араб. філосафаў і Марсілія Падуанскага, які адстойваў аддзяленне палітыкі ад царк аўтарытэту і рэліг. маралі. Да П.ш. належалі праф. Падуанскага і Балонскага ун-таў Анджэла д’Арэца, Паала Венета, Гаэтана да Цьене, Нікалета Вернія, П’етра Трапаліна, Марка Антоніо Зімара, Алесандра Акіліні, Агасціна Ніфа. На філас. думку некаторых прадстаўнікоў позняга перыяду П.ш. паўплывалі ідэі тамізму. Для П.ш. характэрны рысы сярэдневяковага вальнадумства. Прыняўшы дзвюх ісцін тэорыю, філосафы П.ш. развівалі палажэнні, матэрыялістычныя па сваёй тэндэнцыі і непрымірымыя з вучэннем царквы: своеасаблівы сенсуалізм у гнасеалогіі, уяўленне аб нястворанасці чалавечага роду і яго калект. бессмяротнасці, аб адзінстве бессмяротнай душы чалавецтва і смяротнасці індывід. душы, вучэнне аб несвабодзе волі чалавека, аб натуральным дэтэрмінізме. П.ш. мела ўплыў на італьян філосафаў Дж.Бруна, Дж.Ваніні, П.Пампанацы і інш.
т. 11, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)